26.04.2020
Засечка памяці – Чарнобыль

Засечка памяці – Чарнобыль

Жылі-былі… Так пачынаюцца казкі. Хацелася б, каб і падзеі 26 красавіка 1986 года былі толькі цынічнай выдумкай якога-небудзь жорсткага аўтара. Сёння мы сядзім у школе за круглым сталом “Засечка памяці – Чарнобыль” з нагоды 34-й гадавіны з дня жудаснай катастрофы: узгадваем факты, абмяркоўваем учынкі людзей, суперажываем. Гэта рэальнасць, што стала асновай для твораў беларускіх пісьменнікаў, дзе расказваецца пра лёсы людзей, якія вымушаны былі пакінуць бацькоўскі дом з-за экалагічнай катастрофы. Дзяржава прадастаўляла пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС розныя ільготы: бясплатнае двухразовае харчаванне ў школе, пуцёўкі ў санаторыі ці дзіцячыя летнікі, першачарговае засяленне ў інтэрнат і інш.

Ільготаў прыродзе ніхто не прадастаўляў. Яна засталася сам-насам са сваёю бядой. Гэта і зразумела: у першую чаргу клапаціліся пра людзей, пра іх здароўе і дабрабыт. Толькі перасяленцы не могуць дараваць сабе таго, што адракліся ад матчынай зямлі. “Вы мне даруйце, землякі, што я раней пакінуў хату, чым не вярнуліся шпакі ў шпакоўні, што я ладзіў з татам” – піша паэт А. Зэкаў, узрошчаны “зонай адсялення”.

Аварыя на ЧАЭС прывяла да вялікіх людскіх страт: пакутлівай смерцю паміралі працаўнікі і ліквідатары катастрофы, многія атруціліся ядавітымі рэчывамі, дзяўчаты, якім на момант аварыі было 12-18 гадоў, так ніколі і не спазналі радасці мацярынства. Здароўе нашага народа, цэлай нацыі падарвана радыяцыяй. Вялізныя чэргі ў медыцынскіх цэнтрах на абследаванне шчытападобнай залозы і сёння нагадваюць пра наступствы трагедыі.

Каму давялося прачытаць твор “Львы” І. Пташнікава, той без слоў зразумее, як цяжка было жывёлам, што засталіся паміраць на ганку роднай хаты. Сабака Джукі, які з-за мутацый і вылінялай шэрсці, стаў падобны на льва, у роспачы шукаў маладога гаспадара, з апошніх сіл верыў у іх сустрэчу. А ў “Чорнай былі” С. Законнікава “не звярынай слязой, а святой, чалавечай плакаў той, кім палохаюць людзі дзяцей” (воўк)…

Чарнобыль падзяліў нашу гісторыю на “да” і “пасля”. Няма ніводнай сям’і, якую б не закранула фізічна і душэўна гэтая трагедыя – пякельны боль ХХ стагоддзя. Відаць, не хутка мы прывыкнем да таго, што наша жыццё працякае на забруджанай зямлі, а вакол сотні і тысячы носьбітаў страшэнных захворванняў. А, можа, нам і не трэба да гэтага прывыкаць?! Можа, гэта толькі самотная казка, якую ніколі больш не захочацца перачытваць. Жылі-былі…

Ксенія Грузд,

вучаніца 11 “А” класа

Ещё в этом разделе